Аказваецца, у СІЗА на Валадарскага былі віп-камеры. Расказваем, хто ў іх сядзеў і ў якіх умовах
2 красавiка 2025 у 1743574440
Аляксандра Ота-Кузняцова / «Зеркало»
Двое былых палітвязняў расказалі «Люстэрку» пра спецыяльныя віп-камеры, якія існавалі ў СІЗА № 1 на вул. Валадарскага ў Мінску. Нашыя суразмоўцы кажуць, што ўмовы ў іх былі значна лепшыя, чым у звычайных. Напрыклад, там маглі быць шафа-купэ, лядоўня і нават душ.
Экс-палітвязень Дзмітрый трапіў у мінскае СІЗА № 1 у снежні 2021 года. Яго змясцілі ў «эканамічную» камеру. Тут сядзелі начальнік электрасетак аднаго з беларускіх гарадоў, кіраўнік будтрэста з Мінска, кіраўнік аднаго з аддзелаў БЕЛАЗа, маскоўскі бізнесовец і некалькі палітычных.
- У нас быў тэлевізар, нейкія бытавыя рэчы. У той жа час мужчына з будтрэста расказваў, што ён да гэтага быў у камеры, дзе яшчэ лепш, - успамінае ён. - Там стаяў двух'ярусны ложак (у нас - трох'ярусныя), шафа-купэ, душавая кабіна з гарачай вадой (нас у душ вадзілі ў чацвяргі) і, па-мойму, нават лядоўня. Карацей, як у санаторыі. У такіх умовах звычайна сядзяць людзі высокага рангу, чыноўнікі. Былы работнік будтрэста сказаў, што яго адтуль прыбралі, бо не пайшоў на ўгоду са следствам. А калі так робіш, то цябе з казырных хат пераводзяць.
Дзмітрый адзначае, што віп-камера, якую згадваў будтрэставец, была пад нумарам 23. Мужчына дакладна не ведае, ці існаваў у мясцовых сядзельцаў пералік прывілеяў, але кажа, што пра некаторыя з іх чуў.
- Да людзей там менш чапляліся. Яны маглі спаць у любы час, - адзначае суразмоўца. - У нас, у звычайнай камеры, чалавек мог хоць цэлы дзень ляжаць на ложку, чытаць. Але калі прадольны ў вочка заўважаў, што хтосьці задрамаў, - гэта парушэнне. Збіраеш іх некалькі, і цябе могуць адправіць у карцар. Хоць, як правіла, у нас за сон таксама не выпісвалі заўваг. Проста прасілі кагосьці з суседзяў цябе пабудзіць.
Яшчэ сярод бонусаў элітных камер Дзмітрый называе чаргу ў «шапік» і «бібліятэку». Разносіць прадукты і кнігі пачыналі ад іх.
- Чаму гэта свайго роду прывілея? Таму што тады ў цябе ёсць выбар, - расказвае былы палітвязень. - Возьмем вазок з кнігамі. Па-мойму, ён ездзіў раз на тыдзень-два. У нас аднаму з хлопцаў адвакат прынёс спіс таго, што ёсць у валадарскай бібліятэцы. З яго можна замовіць пяць, дзесяць асобнікаў. Але колькі б ні папрасіў, табе гэта дадуць, толькі калі ў камеры, дзе вазок быў да вас, іх ніхто не замовіў. У віпаўскіх хатах, з якіх усё пачыналася, людзі бралі ўсё, што трэба.
Падобная сітуацыя назіралася і з прадуктамі «шапіка». Выбар змяншаўся ад першай камеры да апошняй.
- Наколькі ведаю, кармілі на Валадарцы ўсюды аднолькава, - разважае суразмоўца. - Адзінае, калі давалі рыбу, то ў першых хатах трапляліся нармальныя кавалкі, а да апошніх у баландзёра заставаліся ўжо нейкія шматкі.
Пра існаванне нават не адной, а некалькіх «элітных» камер у сталічным СІЗА кажа і яшчэ адзін экс-палітвязень, Яўген (імя змененае). Пра гэта расказаў мужчына, з якім ён перасекся на этапе восенню 2021 года.
- З яго словаў, адна з іх - на некалькі чалавек і парачка адзіночных. Відаць было, што хлопец прыблатнёны, таму прычын яму не верыць у мяне няма, - адзначае суразмоўца. - Ён, дарэчы, у 2021-м сядзеў у СІЗА КДБ з Юрыем Чыжом (бізнесовец трапіў туды ў красавіку 2021 года. - Заўв. рэд.). Успамінаў, умовы там проста кашмар. Ён кожны дзень чакаў, каб яго перавялі. Сказаў, на Валадарцы рай.
Нагадаем, вясной 2024 года СІЗА № 1 канчаткова пераехаў з цэнтра Мінска ў Калядзічы, гэта недалёка ад сталіцы. Ці ёсць у новым ізалятары такія ж віп-камеры, як на ранейшым месцы, невядома.
Чытайце таксама