«А так можна было?» Салігарчанін працягвае распавядаць пра Пакістан, дзе яго затрымала паліцыя, паводзінам якой ён прыемна здзівіўся
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

Пасля пакістанскіх даліны Хунза з доўгажыхарамі і Скарду, дзе былі ярка ўпрыгожаныя фуры і трактары, Аляксандр Гойшык выправіўся ў Ісламабад. Гэтая частка вандроўкі аказалася з прыгодамі і нават затрыманнем паліцыяй. Праўда, са своеасаблівым, пакістанскім каларытам.

Аляксандр Гойшык падчас цырымоніі закрыцця мяжы з Індыяй. Пакістан, лета 2024 года. Фота: асабісты архіў
Аляксандр Гойшык падчас цырымоніі закрыцця мяжы з Індыяй. Пакістан, лета 2024 года. Фота: асабісты архіў

Сучасная і амаль еўрапейская сталіца

Ісламабад — сучасны і прыгожы горад, які спецыяльна спраектавалі і збудавалі ў 1960-х гадах як новую сталіцу Пакістана. У мяне склалася ўражанне, быццам я трапіў у іншую краіну — настолькі тут чыста і зялёна.

Горад падзелены на некалькі сектароў (зон), кожны з якіх мае сваю спецыфічную функцыю: адміністрацыйную, дыпламатычную, жылую, адукацыйную і іншую. Я сапраўды здзівіўся, наколькі лёгка арыентавацца і перасоўвацца — на мотатаксі (пра якія я пісаў у сваіх нататках з Тайланда і В’етнама).

А таксама на метробусах (хуткасных аўтобусах, што едуць па выдзеленай паласе і таму не затрымліваюцца ў дарожных заторах). Такі тып гарадскога транспарту папулярны ў Лацінскай Амерыцы, дзе з-за высокай сейсмічнай актыўнасці немагчыма пабудаваць звычайнае метро.

На вуліцах Ісламабада. Пакістан, лета 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
1 из 3
Уезд у Ісламабад. Пакістан, лета 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык

Ісламабад вядомы велізарнай мячэццю Фейсала — найбуйнейшай у Паўднёвай Азіі і адной з найбольшых у свеце.

Мячэць Фейсала, Ісламабад, Пакістан, лета 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Мячэць Фейсала, Ісламабад, Пакістан, лета 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык

У горадзе шмат паркаў, у адным з якіх размяшчаецца прыгожы пакістанскі манумент, прысвечаны подзвігу ўдзельнікаў руху за незалежнасць ад Індыі.

Пакістанскі манумент, прысвечаны подзвігу ўдзельнікаў руху за незалежнасць краіны. Ісламабад, лета 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Пакістанскі манумент, прысвечаны подзвігу ўдзельнікаў руху за незалежнасць краіны. Ісламабад, лета 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык

Непадалёку знаходзіцца цікавы этнаграфічны музей «Лок Вірса», дзе можна ўбачыць спадчыну розных народаў і этнічных груп, якія насяляюць Пакістан. Тут таксама ёсць стэнд, прысвечаны адмысловаму пакістанскаму мастацтву — традыцыі ўпрыгожваць грузавікі (пра гэта я расказваў у першай серыі сваіх пакістанскіх нататак).

Экспанат у Нацыянальным этнаграфічным музеі Пакістана. Лета 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Экспанат у этнаграфічным музеі «Лок Вірса». Ісламабад, Пакістан, лета 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык

Агулам Ісламабад пакінуў у мяне вельмі прыемнае ўражанне як максімальна еўрапейскі горад, наколькі гэта магчыма ў Ісламскай Рэспубліцы Пакістан (гэта афіцыйная назва краіны). Тут даволі часта можна сустрэць замежнікаў, шмат еўрапейскага ўзроўню кавярняў і крамаў з прадуктамі.

У адной з такіх я пазнаёміўся з Алёнай — беларускай з Кобрына, якая восем гадоў таму выйшла замуж за пакістанца і пераехала да яго ў Ісламабад. Цяпер яны разам кіруюць невялікай турыстычнай кампаніяй і арганізуюць экскурсіі па краіне.

Алёна падказала мне адзінае месца ў сталіцы (і магчыма, ва ўсім Пакістане), дзе замежнік можа падключыцца да мабільнай сувязі. Цікава, што для гэтага трэба паставіць адбітак вялікага пальца на дамове. Аплаціць можна карткай, але сімка актывуецца толькі праз два дні (прыкладна сем даляраў за 20 ГБ трафіка, пры гэтым сацыяльныя сеткі і WhatsApp не абмежаваныя). Такія тарыфы таксама вельмі папулярныя ў Лацінскай Амерыцы.

Выйшаўшы з офіса мабільнай сувязі, я заўважыў папулярную ў Пакістане сетку фаст-фуду OPTP (One Potato Two Potato, што ў перакладзе азначае «адна бульбіна, дзве бульбіны»). І як сапраўдны беларус, не змог прайсці міма.

Фаст-фуд на вуліцах Ісламабада, Пакістан, лета 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Фаст-фуд на вуліцах Ісламабада, Пакістан, лета 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык

У Ісламабадзе даволі часта можна ўбачыць білборды, прысвечаныя падтрымцы мусульманскага насельніцтва Кашміра. Гэты спрэчны высокагорны рэгіён у Гімалаях быў паўнезалежным княствам, падобным да суседняй Хунзы. У заходняй частцы яго жывуць пераважна мусульмане, ва ўсходняй большасць — індуісты і сікхі (сікхізм — рэлігія, якая ўзнікла ў асяродку індуізма і іслама ў XV ст). Пасля падзелу Брытанскай Індыі паміж Пакістанам і незалежнай Індыяй паміж імі раздзялілі і Кашмір.

Цяпер гэтыя тэрыторыі — галоўная прычына напружанасці паміж Пакістанам і Індыяй, што некалькі разоў перарастала ў сапраўдныя войны з тысячамі загінулых і дзясяткамі тысячаў уцекачоў.

Плакат на вуліцах Ісламабада «Мы хочам свабоды». Пакістан, лета 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
1 из 2
Надпіс на пакістанскім плакаце: «Індыя ператварыла незаконна акупаваны Джаму і Кашмір (IIOJK) у сапраўднае пекла для жыхароў Кашміра». Пакістан, лета 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык

Пакістанскі аўтастоп, старажытны Лахор і незвычайныя сустрэчы

Ісламабад, канечне, сучасны і «еўрапейскі», але займацца там асабліва няма чым. Мой наступны пункт прызначэння — старажытны Лахор, сталіца пакістанскага штата Пенджаб. У Індыі таксама існуе Пенджаб, і да падзелу Брытанскай Індыі гэта была адна правінцыя.

У індыйскім Пенджабе я быў восем гадоў таму. І Амрытсар — свяшчэнны горад сікхаў — вельмі мяне ўразіў. Падчас той вандроўкі я наведаў незвычайную цырымонію закрыцця інда-пакістанскай мяжы, якая нагадвала карнавал. Восем гадоў таму я быў на індыйскім баку, а цяпер настаў час замкнуць кола і ўбачыць гэтую мяжу з пакістанскага боку.

Ад Ісламабада да Лахора — каля 400 км. «Аўтастопам лёгка даеду за паўдня!» — падумаў я… І памыліўся з выбарам дарогі. Замест новай хуткаснай аўтамагістралі GPS-дадатак чамусьці накіраваў мяне на старую, што праходзіць праз бясконцыя гарадкі і вёскі.

Тут я згадаў свой досвед перасоўвання аўтастопам па Індыі — вельмі марудна, з частай зменай транспартных сродкаў. Праехаць 20 кіламетраў з адным вадзіцелем — лічы, ужо пашчасціла. Вось так і тут: машыны ахвотна спыняюцца, асабліва калі бачаць «белага», але звычайна яны едуць толькі да наступнага мястэчка. Сто кіламетраў я пераадольваў, можа, гадзіны тры. Пакуль не спыніўся дарагі джып, а яго кіроўца запрасіў мяне да сябе дамоў выпіць кавы і трохі адпачыць. Ён пасадзіў мяне на маршрутку, якая павінна была дабрацца да аўтамагістралі і ўжо адтуль паехаць хутка.

Людзі, якіх Аляксандр Гойшык сустракаў па шляху ў Лахор. Пакістан, лета 2024 года. Фота: асабісты архіў
1 из 2
Людзі, якіх Аляксандр Гойшык сустракаў па шляху ў Лахор. Пакістан, лета 2024 года. Фота: асабісты архіў

Мужчына аказаўся вельмі вядомым у сваёй вёсцы: яму на кожным скрыжаванні махалі мясцовыя. Ён нават паказаў мне дом былога прэм’ера Пакістана, які родам з гэтых мясцін. Калі я нарэшце выбраўся на аўтабан, мяне хутка падабраў адвакат з Вярхоўнага суда Пакістана, які таксама запрашаў да сябе дамоў. Аднак мне давялося адмовіцца, каб да цемры ўсё ж дабрацца да Лахора. На развітанне ён пакінуў візітоўку і папрасіў тэлефанаваць, калі ўзнікнуць хоць якія праблемы. Уражанне ад гасціннасці і адкрытасці пакістанцаў сапраўды вялікае!

Дарэчы, калі ўжо параўноваць Індыю і Пакістан (што, зрэшты, непазбежна), то, на мой выключна суб’ектыўны погляд, Пакістан — гэта такая Індыя здаровага чалавека. Тут больш чыста (хаця і далёка ад ідэалу), ежа больш смачная (індыйская кухня — абсалютны лідар майго антырэйтынгу). А галоўнае — людзі куды больш прыветлівыя і не імкнуцца на кожным кроку падмануць «белага багацея». Зразумела, часам сустракаюцца і адваротныя прыклады, але ў цэлым у мяне склалася менавіта такое ўражанне. Пакістанцам вельмі прыемна, што нехта адважыўся прыехаць да іх, нягледзячы на не зусім, мякка кажучы, станоўчую рэпутацыю іх краіны ў сусветных СМІ. Часта мяне прасілі перадаць, што Пакістан зусім не такі, як пра яго пішуць. Давялося пераканацца ў гэтым на ўласныя вочы. Як пісаў у мінулай серыі свайго блога, зусім нечакана для мяне Пакістан трапіў у топ-5 краінаў гэтага кругасветнага падарожжа.

Лахор мяне надзвычайна ўразіў — нездарма яго называлі культурнай сталіцай Пакістана. Тут знаходзяцца два аб’екты Сусветнай спадчыны ЮНЭСКА: Лахорскі форт і Сады Шалімар.

Форт Лахора. Пакістан, лета 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
1 из 3
Форт Лахора. Пакістан, лета 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык

Падчас наведвання форта падышоў экскурсавод і прапанаваў свае паслугі, але я адмовіўся. Калі ён высветліў, што я з Беларусі, распавёў мне трагічную гісторыю: маўляў, яго брат загінуў, спрабуючы нелегальна перасекчы беларуска-польскую мяжу. Нібыта раней у Пакістане такая «паслуга» каштавала каля 3500−4000 долараў «пад ключ», і першыя хвалі даволі паспяхова прасочваліся ў ЕС і дабіраліся да Нямеччыны, а потым усё стала вельмі складана. Але мой новы знаёмы ўсё адно хацеў паспрабаваць. І пытаўся, ці не ведаю я нейкіх «правераных людзей», якія маглі б даць яму гарантыі. Калі я адказаў, што гэта кепская ідэя, ён амаль заплакаў, бо, маўляў, у Пакістане яму настолькі дрэнна, што пагражае нават смерць.

0:00/ 0:00
В ЭФИРЕКачество480p  СкоростьОбычная  
Літаральна праз паўгадзіны я рабіў чарговае сэлфі на фоне прыгажосці Лахорскага форта. Падыйшоў яшчэ адзін мужчына і прапанаваў зрабіць фота. Размова пачалася са стандартнага вітання па-англійску: «Хэлоў, містэр, адкуль ты?» Слова за слова, разгаварыліся. Аказалася, пакістанца завуць Ахмед і ён нарадзіўся ў Швецыі. У яго там добрая праца, якая дазваляе шмат вандраваць. Ён ужо пабываў шмат дзе, бо са шведскім пашпартам амаль увесь свет адкрыты, а з пакістанскім падарожнічаць надзвычай цяжка. Ахмед здзівіўся, пачуўшы, што я з Беларусі — адной з нямногіх еўрапейскіх краін, дзе яшчэ не быў. Сцвярджаў, што я першы беларус, якога ён сустрэў у жыцці. Ён таксама чуў, што ў РБ можна паехаць без візы, таму пачаў распытваць, як гэта лепш зрабіць. Мне давялося яго трохі расчараваць, расказаў пра сітуацыю з правамі чалавека, з-за якой я ўжо больш за чатыры гады не быў дома і невядома, калі змагу вярнуцца.

Ахоўнік форта Лахора. Пакістан, лета 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Ахоўнік форта Лахора. Пакістан, лета 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык

Але гэта быў яшчэ не канец нечаканых сустрэч у той дзень. Увечары я пазнаёміўся з хлопцам, з якім ехаў у аўтобусе да Ісламабада. Разам з сябрам ён запрасіў мяне ў дарагі рэстаран з фантастычным краявідам на форт і стары горад. Пакуль чакалі замову, жвава абмяркоўвалі ўсё на свеце. Хлопцам вельмі цікава было даведацца пра маю вандроўку.

Раптам да нас падышоў святочна апрануты малады чалавек, які на амаль чыстай рускай мове спытаўся: «Адкуль, брацішка?!» Аказалася, што гэта пакістанец з Кіева, які прыехаў на радзіму, каб узяць шлюб. Ён нават запрасіў мяне на сваё вяселле! Давялося адмовіцца, бо, на жаль, прыйшлося б чакаць паўтары тыдні. Але ўражанне ад гасціннасці сапраўды вялікае! Дарэчы, памятаеце, як я расказваў пра надзвычай прыемнага хоста, у якога спыняўся ў Сінгапуры? І вось, ён таксама з Лахора!

Стары Лахор. Пакістан, лета 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
1 из 5
На вуліцах Лахора. Пакістан, лета 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык

Карнавал на закрыцці мяжы і таямнічая цырымонія суфіяў

Стары горад Лахора — вельмі атмасферны, сапраўдная пярліна ўсёй Азіі. Разам з тым у горадзе сучасныя раёны хутка развіваюцца. Тут працуе адзінае ў Пакістане метро, хоць і не падземнае, а наземнае. Вельмі зручна перасоўвацца!

На наступны дзень я на ім дабраўся да выезду з горада ў бок індыйскай мяжы, каб паглядзець цырымонію яе закрыцця. Ад апошняй станцыі я паспрабаваў даехаць аўтастопам. Вельмі хутка спыніўся дзядзька на матацыкле. З ім я праехаў палову дарогі. Ён нават пачаставаў свежавыціснутым сокам з цукровага трыснягу.

А даведаўшыся, што я з Беларусі, пачаў распытваць, ці маю нейкія «правераныя кантакты» для нелегальнага пераходу мяжы з ЕС. Кажа, грошы для яго ўжо сабралі ўсёй сям’ёй. Таму, маўляў, ён гатовы ехаць, але перажывае, што цяпер стала небяспечна. Я стаў яго адгаворваць і раіць не рабіць гэтага, бо гэта ілжывая надзея, якую прапагандуюць нелегітымныя беларускія ўлады, і ніякіх «гарантыяў бяспекі» не будзе. І ў вачах мужчыны ўбачыў адчай. Відаць, нехта сапраўды займаецца гэтым брудным бізнэсам, падманваючы людзей і абяцаючы ім незразумела што. Забягаючы наперад, скажу, што такія гісторыі я чуў і ў Афганістане, і ў Іраку.

Цырымонія закрыцця мяжы паміж Пакістанам і Індыяй. Пакістан, лета 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Цырымонія закрыцця мяжы паміж Пакістанам і Індыяй. Пакістан, лета 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык

Цырымонія закрыцця мяжы паміж Індыяй і Пакістанам на ноч праходзіць у Лахоры і таксама ўражвае. Рытуал выконваецца амаль без перапынкаў з 1959 года. І тысячы людзей прыязджаюць паглядзець гэтае шоу.

З абодвух бакоў памежнай брамы стаяць трыбуны: на індыйскім баку адбываецца нешта падобнае на карнавал, а на пакістанскім — значна больш сціпла і малалюдна. Я быў на індыйскім баку ў 2016 годзе, а цяпер сімвалічна замкнуў кола.

Салдаты ганаровай варты ў вельмі экзатычных строях дэманструюць здольнасці ў маршах, якія нагадваюць ваяўнічыя танцы, скіраваныя ў процілеглы бок. Усе завяршаецца сінхронным спусканнем сцягоў і нават сімвалічным пацісканнем рук паміж пакістанскім і індыйскім афіцэрамі. Вельмі незвычайна!

0:00/ 0:00
В ЭФИРЕКачество480p  СкоростьОбычная  
Але гэта яшчэ не ўсё, чым славіцца Лахор! Штотыдзень, у чацвер познім вечарам, у адной з мячэцяў горада адбываецца цырымонія суфіяў — рэлігійна-містычнага кірунку ў ісламе. Калі спрабаваць зусім проста гэта апісаць, то ў невялікім памяшканні збіраецца мноства людзей, якія пад уплывам своеасаблівай музыкі (і, магчыма, гашышу) уваходзяць у транс, пачынаюць спяваць і круцяцца ў незвычайным танцы. Ён нагадвае танец турэцкіх дэрвішаў (гэтае брацтва таксама прытрымліваецца суфійскай традыцыі). Але ў Лахоры гэта сапраўдная жывая падзея — я быў там адзіным турыстам.

0:00/ 0:00
В ЭФИРЕКачество480p  СкоростьОбычная  

Як мяне прынялі за тое, што быў белы ў пятніцу ўвечары

Настаў час працягваць падарожжа, і наступны прыпынак — горад Мултан на поўдні Пенджаба. Адлегласць — каля 350 км, і на гэты раз я вельмі ўважліва сачыў, каб GPS-дадатак на выездзе з Лахора паказаў хуткасную аўтамагістраль. Літаральна праз 15 хвілін я ўжо імчаў на прамой машыне да пункта прызначэння.

З кіроўцам у нас добра так разгаварыліся: ён займаецца сямейным бізнэсам, звязаным з нерухомасцю. Я пажартаваў, што ў Пакістане каго ні сустрэнеш, ён будзе валодаць бізнесам — ці гэта невялікі гатэль, ці кавярня, ці нават цэлая вытворчасць.

— Ну так, — адказаў мой новы знаёмы. — Пакістан — пятая па насельніцтве краіна ў свеце, нас тут амаль чвэрць мільярда. Працы ўсім не хапае, таму мы ствараем сабе работу самі, каб як-небудзь пражыць.

Аўтаспын да Мултана. Пакістан, лета 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Аўтаспын да Мултана. Пакістан, лета 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык

І гэта праўда: пакістанцы вельмі працавітыя. Літаральна на кожным кроку нешта шыюць, смажаць, прадаюць. У мяне яшчэ будзе магчымасць убачыць гэта ўсё знутры, пра нязвыклы бізнэс я раскажу ў наступнай серыі. Дарэчы, з гэтым кіроўцам мы яшчэ сустрэнемся ў сталіцы праз тыдзень.

У Мултане мяне ўжо чакаў цікавы хост — Мухамед. Мой новы знаёмы, кіроўца-бізнэсовец, падвёз мяне прама да дзвярэй патрэбнага мне дома. Я прыехаў каля апоўдня, калі на двары было вельмі горача (паўднёвы Пакістан сапраўды спякотны). Мухамед прапанаваў мне адпачыць, пакуль не пачне цямнець і не стане халадней.

Увечары мы разам паехалі паглядзець гістарычны цэнтр, бо ў Мултане знаходзяцца некалькі прыгожых маўзалеяў суфійскіх святых. Праўда, іх так і не давялося ўбачыць, бо мяне… затрымала паліцыя «за тое, што я быў белы ў пятніцу ўвечары». Але давайце па парадку.

Мултан, Пакістан, лета 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Мултан, Пакістан, лета 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык

Калі мы ехалі ў цэнтр, Мухамед расказаў, што мясцовая паліцыя вельмі не любіць самастойных турыстаў. Нібыта па горадзе ім можна перасоўвацца толькі з паліцэйскім эскортам, а на ноч заставацца можна толькі ў адным вельмі дарагім гатэлі. Гэта звязана з мерамі бяспекі: раней тут сапраўды было не вельмі спакойна. Сітуацыя ўжо даўно змянілася, але паліцыя ўсё яшчэ прымае завышаныя меры бяспекі (такія сабе перагібы на месцах, я пра гэта таксама чытаў на падарожных форумах). Таму калі спытаюць, дзе паліцэйскі эскорт, я павінен буду сказаць, што толькі прыехаў у горад, выбраўся на гадзінку паглядзець гістарычны цэнтр і начным аўтобусам еду далей. І ні ў якім разе не расказваць нічога пра каўчсёрфінг!

Мы прыбылі ў цэнтр, пагулялі, можа, паўгадзіны па гістарычным квартале. На ўваходзе ў першы маўзалей у мяне праверылі дакументы і спыталі, дзе паліцэйскі эскорт. Я распавёў загадзя падрыхтаваную гісторыю, ахоўнік махнуў галавой, маўляў: «Давай, праходзь». Не паспеў я адысці і на пару крокаў, як пачуў трэск рацыяў — усё стала зразумела. На выхадзе з маўзалея мяне ўжо чакаў узмоцнены «нарад» — тры паліцэйскія.

Знаёмства з паліцыяй Мултана. Пакістан, лета 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Знаёмства з паліцыяй Мултана. Пакістан, лета 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык

Усё было ветліва, хоць і крыху напружана. Праверылі пашпарт, папрасілі паказаць электронную візу. Пакуль мне дасылалі фатаграфіі дакументаў, прапанавалі чай (пра гэты асобны рытуал я распавяду ў наступнай серыі) і нават папіросу.

— Не хвалюйся, усё ў парадку! У нас такія патрабаванні да працы з турыстамі: тут бывае небяспечна. І мы не хочам падвяргаць рызыцы нашых гасцей. Прыйдзецца ехаць з намі ў галоўны камісарыят паліцыі, — адзначылі яны.

Ого, у такіх месцах я яшчэ не быў! Насамрэч, шмат чытаў пра падобныя гісторыі і ведаў, што хвалявацца няма прычын. Затое будзе кантэнт!

Праз нейкі час паліцэйскія селі ўтрох на адзін матацыкл, а для мяне спынілі мотатаксі. Я сказаў кіроўцу ехаць у камісарыят, і яны самі паехалі за намі. Па дарозе таксіст нечакана пачаў спрабаваць развадзіць мяне на грошы.

— Калі ты заедзеш туды, то нічога добрага цябе не чакае, — сказаў і дадаў, што нібыта ён знаёмы з афіцэрамі, і дамоўленасць будзе, калі заплаціць 500 даляраў.

Гэта было настолькі смешна, што я не змог утрымацца і гучна засмяяўся, чым, здаецца, увёў небараку ў ступар. Далей ён ні слова не сказаў.

Кіраўнік паліцыі Мултана. Пакістан, лета 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Кіраўнік паліцыі Мултана. Пакістан, лета 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык

У камісарыяце мяне адвялі ў кабінет да галоўнага шэрыфа. Ветлівы дзядзька з вусамі прапанаваў чай з папіросай і пачаў распытваць пра маё падарожжа.

— Ты хочаш сок ці колу? — прапанаваў ён мне.

— Лепш колу, — адказаў я.

— Колу звычайную ці «колу зеро»? — удакладніў паліцэйскі.

А што, так можна было? Выключна ў якасці эксперымента я адказаў: «Давайце лепш колу зеро». Шэрыф нешта сказаў на урду (пакістанская мова, вельмі падобная да хіндзі) афіцэру, які мяне прывёз. Той пайшоў некуды і вярнуўся толькі праз паўгадзіны з Coca-Cola Zero. Напэўна, гэта быў яшчэ адзін квэст — знайсці яе! Ого, вось гэта сервіс. Нават тут узровень пакістанскай гасціннасці ўражвае!

Шэрыф некалькі разоў паўтарыў, каб я не хваляваўся:

— Мы чакаем паліцэйскі эскорт — яны прыедуць праз 40 хвілін і адвядуць цябе на аўтавакзал. Ты павінен сёння пакінуць Мултан.

Мы душэўна размаўлялі пра жыццё і мае прыгоды, я паказваў фоткі з розных краін свайго падарожжа. Нават у мой Instagram падпісаліся, а на развітанне зрабілі фота на памяць — можна толькі ўявіць, як гэта было б у беларускай міліцыі!

Мултан, Пакістан, лета 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Мултан, Пакістан, лета 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык

Паліцэйскі эскорт — гэта джып з мігалкамі, кіроўца і яшчэ адзін паліцэйскі з аўтаматам Калашнікава. Яны спыталі, навошта я тут швэндаюся і чаму б мне не застацца дома. Усё было вельмі ветліва. Зноў казалі: «Не хвалюйся, гэта наша праца, мы пасадзім цябе на аўтобус, і ты спакойна паедзеш далей».

— Пачакайце, але ж мне трэба забраць заплечнік, ён у майго сябра дома, — кажу ім я.

— Ніякіх праблем, давай адрас, мы заедзем за тваім заплечнікам, — прапанавалі паліцэйскія.

І мы сапраўды паехалі ў іншы раён гэтага немаленькага горада, каб забраць заплечнік. Па дарозе я зразумеў, што ў мяне засталося мала наяўных грошай, а за квіток на аўтобус не заўсёды можна заплаціць карткай. Кажу, што патрэбны банкамат.

— Ніякіх праблем, кажы, куды ехаць? — не здзівіліся яны.

Я быў у захапленні. Знайшоў на Google Maps бліжэйшы банкамат, мы заехалі зняць грошы.

Пасля мяне адвезлі на аўтавакзал, дзе я купіў квіток на начны аўтобус да Карачы — найбуйнейшага горада Пакістана. Яго трэба было пачакаць пару гадзін, мяне «здалі» ахове аўтавакзала, якой сказалі пільнаваць, каб я нікуды не згубіўся раптам.

Аляксандр Гойшык пад аховай на вакзале Мултана. Пакістан, лета 2024 года. Фота: асабісты архіў
Аляксандр Гойшык пад аховай на вакзале Мултана. Пакістан, лета 2024 года. Фота: асабісты архіў

На развітанне таксама зрабілі фота на памяць, і мне пажадалі ўдачы ў падарожжы. Нават ад кантактаў з паліцыяй могуць застацца прыемныя ўспаміны!

У наступнай серыі я распавяду пра нялёгкія пошукі інтэрнэт-кавярні ў Карачы, вяртанне ў Ісламабад, модны сталічны каворкінг, знаёмства з талібанскім консулам, прыватныя фабрыкі зброі ў Пешавары і паездку ў даліну да калашоў.