Зборная Даніі стала апанентам беларусаў па кваліфікацыі на чэмпіянат свету 2026 года.

У верасні гэтага года нашай камандзе пад кіраўніцтвам іспанца Карласа Алоса трэба будзе пачаць барацьбу за траплянне на свой першы топ-турнір у гісторыі. Два супернікі вызначыліся яшчэ ў снежні мінулага года — Грэцыя і Шатландыя. А трэці стаў вядомы пасля чвэрцьфінальнага супрацьстаяння ў Лізе нацый паміж Партугаліяй і Даніяй. Датчане па суме двух матчаў аказаліся слабейшымі (1:0, 2:5) і далучыліся да адборачнай групы з удзелам беларусаў.
Адзначым, што за зборную Партугаліі па-ранейшаму выступае 40-гадовы Крышціяну Раналду. У сустрэчы ў адказ Раналду не рэалізаваў пенальці на шостай хвіліне і адзначыўся голам у другім тайме.
Чэмпіянат свету 2026 года пройдзе з 11 чэрвеня да 19 ліпеня ў ЗША, Мексіцы і Канадзе. Упершыню ў турніры возьмуць удзел 48 каманд. Ад Еўропы на мундыяль трапяць 16 зборных. Яны разбітыя на 12 груп — па чатыры ці пяць удзельнікаў, якія згуляюць адзін з адным дома і на выездзе. Наўпрост у фінальную стадыю выходзяць пераможцы групаў, а чатыры астатнія пуцёўкі будуць разыграныя ў стыкавых матчах з удзелам 12 каманд, якія занялі другія месцы, і чатырох калектываў, якія трапілі праз Лігу нацый.
Беларусы пачнуць кваліфікацыю 5 верасня гульнёй супраць грэкаў.