Аляксандр Лукашэнка прызначыў Кірыла Залескага кіраўніком Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, паведаміла прэс-служба палітыка.

Кірыл Залескі да прызначэння міністрам быў намеснікам дырэктара Парку высокіх тэхналогій.
У 2022 годзе ён казаў, што сярод беларускіх айцішнікаў «былі і тыя, хто праявіў сябе не з самага добрага боку, унёс свой уклад у разбурэнне, у дэструктыўныя працэсы».
«Сёння мы зыходзім з таго, што гэтую старонку перагортваем і працягваем працаваць на стварэнне, на ўмацаванне эканамічнай моцы нашай дзяржавы», — адзначаў Залескі.
Да Залескага з 18 жніўня 2018 пасаду міністра займаў Канстанцін Шульган.
Як паведамляецца, Лукашэнка «сфармаваў эканамічны блок урада», які ўзначаліў першы віцэ-прэм'ер Мікалай Снапкоў.
«Яшчэ раз хачу абазначыць асаблівасць працы будучага ўрада, на якой буду настойваць. Значна большую вагу будуць мець намеснікі прэм’ер-міністра. Старшыня ўрада ў нас — старшыня, ён арганізоўвае працу ўрада, вядзе паседжанні ўрада, але ні ў якім разе не прымае нейкіх аднаасобных рашэнняў і не дамінуе над чальцамі ўрада, перш за ўсё над віцэ-прэм'ерамі», — сказаў Лукашэнка.