У Казахстане прынялі закон, які мае дапамагчы абараніць правы жанчын і гарантаваць бяспеку дзяцей. Яго называюць законам пра хатні і бытавы гвалт, паведамляе Orda.kz.

Некалькі правапарушэнняў, якія раней былі адміністрацыйнымі, сталі крымінальнымі злачынствамі, пры гэтым пакаранне засталося ранейшым. Напрыклад, наўмыснае нанясенне лёгкай шкоды здароўю будзе карацца штрафам — да 738,4 тысячы тэнге (1650 даляраў), таксама прадугледжаныя грамадскія працы ці арышт да 50 дзён. За пабоі штраф складзе 295,3 тысячы тэнге (660 даляраў) або арышт на тэрмін да 25 дзён.
У той жа час змянілі пакаранне за нанясенне цяжкай і сярэдняй шкоды здароўю. Раней парушальніка маглі пакараць абмежаваннем волі, цяпер будзе толькі турма. Усе іншыя альтэрнатыўныя меры выключылі.
Тым часам за забойства, згвалтаванне, гвалтоўныя дзеянні сэксуальнага характару ў дачыненні да малагадовых будзе адно пакаранне — пажыццёвае пазбаўленне волі. Паводле дзейнага заканадаўства вінаватага могуць асудзіць на 20 гадоў калоніі.
З’явіўся і новы артыкул — за чаплянні сэксуальнага характару да падлеткаў, маладзейшых за 16 гадоў. За гэта прадугледжаныя грамадскія працы або арышт да 40 сутак.
Акрамя таго, крымінальным злачынствам цяпер будзе прапаганда самагубства.
Каб змены набылі юрыдычную моц, адпаведны закон мусіць падпісаць прэзідэнт Казахстана.
Нагадаем, што нядаўна ў Казахстане пачаўся суд над экс-міністрам эканомікі Куандыкам Бішымбаевым, які да смерці збіў сваю жонку ў рэстаране. На паседжаннях ён адмаўляў віну і ўсміхаўся, а яго адвакаты спрабавалі перакласці віну на родных забітай, якія нібыта яе кепска выхавалі. Па сукупнасці артыкулаў Бішымбаеву можа пагражаць тэрмін ад 15 гадоў калоніі да пажыццёвага пазбаўлення волі. У каментарах да відэазапісу трансляцыі суда і ў сацсетках жыхары Казахстана патрабуюць, каб экс-міністра асудзілі на пажыццёвае зняволенне.