Адно з падраздзяленняў Сухапутных войскаў УСУ стала цэллю расійскага ракетнага ўдару 1 сакавіка, ёсць загінулыя і параненыя, паведаміла камандаванне ў Facebook.

«1 сакавіка адно з падраздзяленняў Сухапутных войскаў стала цэллю варожага ракетнага ўдару. На жаль, ёсць загінулыя і параненыя. <…> Цяпер ідзе дбайная праверка і высвятленне ўсіх абставінаў здарэння. Вайсковай службе правапарадку і праваахоўным органам даецца ўся неабходная інфармацыя для забяспечання максімальнай празрыстасці расследавання», — гаворыцца ў паведамленні.
Паводле папярэдніх звестак, як адзначаюць два суразмоўцы «Украінскай праўды», гаворка ідзе пра некалькі дзясяткаў загінулых і да сотні параненых.
Раней у сацсетках была апублікаваная інфармацыя пра ўдар расіян па палігоне ў Чаркаскім Днепрапятроўскай вобласці, дзе знаходзіліся ўкраінскія вайскоўцы 157-й асобнай механізаванай брыгады падчас пабудовы.
Камандуючы Сухапутнымі войскамі Міхайла Драпаты заявіў, што асабіста сочыць за кожным крокам, каб высветліць усе пасекундна. «Бо мне таксама баліць. Бо знутры раз’ядае гнеў», — адзначыў ён.
«Чакаў першых звестак, каб не быць галаслоўным, і цяпер мушу папярэдзіць: кожны, хто прымаў рашэнні ў той дзень, і кожны, хто не прымаў іх своечасова, — усе панясуць адказнасць. Ніхто не схаваецца за тлумачэннямі ці фармальнымі рапартамі», — заявіў Драпаты.
«Лічу, што праўду будуць спрабаваць схаваць у тумане бюракратыі. Але я гэтага не дапушчу. Прызначыў незалежную праверку з удзелам вайсковай контрвыведкі, каб ні адна дэталь не засталася па-за ўвагай, а вінаватыя былі названыя і не змаглі адмазацца. Тых, хто ў гады вайны працягвае нядбала і фармальна выконваць свае абавязкі, тых, хто „зацягвае“ вайскоўцаў у састарэлыя працэдуры, грэбуючы іх бяспекай, тых, хто самасцвярджаецца не ў баі, а прыгнятаючы падначаленых, — усе яны ганьбяць Узброеныя сілы Украіны», — падсумаваў камандуючы Сухапутнымі сіламі.